Вялікім скарбам культуры з'яўляюцца народная творчасць і побыт, створаныя на працягу шматвяковай гісторыі.
Першыя гады жыцця дзіцяці – важны этап яго выхавання. У гэты перыяд пачынаюць развівацца тыя пачуцці, рысы характару, якія нябачна могуць звязаць яго са сваім народам, са сваёй краінай і ў значнай меры вызначаюць наступны шлях жыцця. Карані гэтага ўплыву – у мове свайго народа, у яго песнях, уражаннях ад прыроды роднага краю, ад працы, быту, звычаяў людзей, сярод якіх ён жыве. З ранняга дзяцінства дзіця мае патрэбу ў вобразах, гуках, фарбах.Усё гэта нясе ў сабе побыт народа. Далучэнне дзяцей да вытокаў народнай культуры не страціла свайго значэння і ў цяперашні час.
Знаёмства з беларускай народнай культурай, у прыватнасці, з вуснай народнай творчасцю, абрадавымі святамі, народна-прыкладным мастацтвам, развівае цікавасць дзяцей да навакольнага свету, роднай мовы і народных звычаяў, выхоўвае мастацкі густ. Развіваецца мова, фармуюцца маральныя звычкі, ўзбагачаюцца веды аб прыродзе. Даступныя па форме і зместу заклічкі, пагаворкі лёгка запамінаюцца і могуць выкарыстоўвацца дзецьмі ў гульнях. Яны забаўляюць дзяцей і, разам з тым, вучаць навыкам паводзін.
У нашым дзіцячым садзе ёсць міні-музей «Беларуская хата». Мы паспрабавалі паўтарыць у невялікім памяшканні асноўныя дэталі і абстаноўку беларускай хаты. На паліцах расставілі розныя экспанаты. На сцяну павесілі дываны, побач размясцілі калаўрот і беларускае адзенне. Знайшлі сваё месца мялка, прасы, маслабойка… У хаце павінна быць прасторна, там няма месца лішнім рэчаў, але затое ёсць усё неабходнае.
Дзецям вельмі падабаецца наведваць хатку, разглядаць посуд, мэблю, памацаць, пагуляць на лыжках. У дзяцей узнікаюць пытанні: хто ж жыў у такой хаце? Як людзі карысталіся гэтымі рэчамі? Навошта патрэбна ў хаце печка? Якую людзі насілі вопратку? Якія песні спявалі, казкі слухалі? Наведваючы міні-музей «Беларуская хата»,дзеці разам з выхавальнікам чытаюць казкі, знаёмяцца з убранствам «хаты», з прадметамі ўжытку і іх выкарыстаннем. Выхавацелі расказваюць дзецям, што ж такое хата? У такой хаце жыла сям'я: мама, тата, дзядуля, бабуля і шмат дзяцей. Цэнтральнае месца займала печка, якая грэла дом. У печцы варылі ежу, на ёй грэліся. Пры дапамозе вілак ставілі, а затым і вымалі з печы чыгуны з бульбай і кашай. У калысцы калыхалі малога. Усе жылі дружна, паважалі старэйшых і дапамагалі адзін аднаму.
Праз родную песню, казку, авалоданне мовай свайго народа, яго звычаямі дзіця дашкольнага ўзросту атрымоўвае першае разуменне пра культуру беларускага народа. Атмасфера беларускага кутка і прадметы нацыянальнага побыту, што там знаходзяцца, абуджаюць у душы дзіцяці дапытлівасць, пачуццё прыгожага, дазваляе яму адчуць сябе часткай свайго народа. Праз выкарыстанне такіх малых фальклорных формаў, як казкі, песні, прыпеўкі, пацешкі развіваецца мова дзяцей. Выхоўваецца любоў да роднага краю.
Міні-музей “Беларуская хатка” складаецца з некалькіх частак:
- Экспазіцыя “Сялянская хата”
- Экспазіцыя “Беларускія народныя лялькі”
- Экспазіцыя “Беларуская вышыванка”
- Экспазіцыя “Прылады працы і прадметы побыту”
- Экспазіцыя “Гліняныя і саламяныя вырабы”
- Экспазіцыя “Беларускае ткацтва і вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”
- Наглядна-інфармацыйныя стэнд (з выявамі асноўных рэчаў беларускага побыту і іх назвамі па тэмах “Інтэр’ер беларускай хаты”, “Вырабы з лазы”, “Ручнікі”, “Сялянская хата”, “Гліняныя вырабы”, “Ткацтва”, “Кашуля вышываная” і інш.)
- Наглядна-інфармацыйны стэнд зменны, на яго месцы размяшчаюцца выставы дзіцячай ці сумеснай творчасці на беларускую тэматыку, фотавыставы з жыцця дзяцей у дзіцячым садку.
- Яшчэ адзін інформацыйны стэнд для бацькоў, дзе размешчана інфармацыя “Знаёмім дзяцей з беларускімі народнымі святамі”, “Вывучаем беларускую мову”, “Гуляем з дзецьмі”.
Фотагалерэя музея
разгарнуць » / « згарнуць